Маладзёжная хваля

“Добры дзень! У мяне новы поні!” — з парога дзеліцца творчымі вынікамі ўчарашняга вечара Мілана. “Я сёння Т-34 з шамоту ляплю!” — не паспеў нават дзверы зачыніць Максім. “А дзе глазура?” — наспех завязвае фартух навыварат Міша. Сталічны Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Маяк” збірае тых, хто не баіцца бруду, каб атрымаць асалоду ад творчасці. Дзясяты год узначальвае калектыў апантаных — узорную студыю дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Мастацкая кераміка” — Максім Калтыгін, педагог у чацвёртым пакаленні, член Беларускага саюза мастакоў, чалавек, які мае званні мінчаніна года ў галіне сярэдняй адукацыі і лаўрэата I ступені Рэспубліканскага конкурсу прафмайстэрства “Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”.

Пра танкістаў і анімалістаў

“Доўга тралейбуса не было, — тлума­чыць Максім Андрэеў прычыну прымёрзлага люка пластылінавага танка настаўніку, які не адразу змог зазірнуць у сярэдзіну. — Гэта нямецкі “элефант”, ці “фердынанд”. Зроблены на аснове “тыгра паршэ”. Ад яго — корпус, а гармата з арыгінальнага “тыгра”.

Пакуль педагог разглядвае іншыя свежыя вырабы, дапамагае сваім падапечным дастаць з пакетаў іх няскончаныя работы (у поліэтылене гліна не засыхае, і можна працягваць работу), знаёмлюся з “танкістам”. Максіму — 9, у студыі ён адзін год, але першыя свае танкі зляпіў у 4 гады.

“Я спрабаваў ляпіць копіі рознай тэхнікі: машыны, трактары, самазвалы… Спрабаваў ляпіць і будынкі ў мініяцюры, але гэта ўсё не тое. Ваенная тэхніка мне больш падабаецца. Пакуль ляплю з пластыліну — у гліне дробныя дэталькі, танюсенькія, як валаскі, правадочкі пры абпальванні згубяцца. Я ствараю пэўную мадэль з пластыліну тыдні на два, потым разбіраю, раблю новую мадэль — на ўсе мае танкі пластыліну не накупіш. Усяго за 5 гадоў я стварыў больш за 30 мадэлей”.

Наступным хлопчык хоча зрабіць Т-54. Яго будову прыкмеціў на днях. У Максіма фенаменальная памяць. Яму дастаткова на імгненне ўбачыць карцінку ці фота танка ў інтэрнэце, і ён беспамылкова па памяці яе паўтарае да дробязей у маштабе.

Гледзячы, як Максім канструюе танк, Мілана заплятае свайму поні пластылінавую грыву, Міша замешвае глазуру для імітацыі цэглы сваёй крэпасці, Каця чаруе над шамотавым кубкам, Максім Валер’евіч успамінае сябе ў такім узросце. Першы раз ён узяў у рукі гліну яшчэ першакласнікам, калі быў у вучылішчы, дзе працаваў бацька — знакаміты беларускі скульптар, ініцыятар міжнародных пленэраў па кераміцы “Арт-Жыжаль”.  Тады Максім зляпіў пірацкі карабель з пушкамі. Прыкладна тады ж у бацькавай майстэрні ён зрабіў для мамы на 8 Сакавіка першы ў жыцці гліняны падарунак.

“Кераміка — гэта магчымасць рэалізаваць сябе, ажыццявіць свае задумы, ідэі, — расказвае пра сваё галоўнае захапленне М.В.Калтыгін. — А гліна найлепш для гэтага падыходзіць: мяккая, добра паддаецца апрацоўцы ў адрозненне ад дрэва, металу і інш.”.

Гэтую любоў да матэрыялу, да традыцый і перадае М.В.Калтыгін дзецям — спакваля, між іншым, на занятках, а яшчэ падчас фальклорна-гульнявых праграм, правядзення народных свят і абрадаў, творчых майстэрняў і майстар-класаў для навучэнцаў і іх бацькоў.

Лепка пачынаецца з алоўка

Сёння галоўны клопат педагога — знайсці для дзяцей той кірунак у кераміцы, які быў бы цікавы, але не надта складаны для выканання, абавязкова актуальны, не адцягнены ад жыцця (гаршкі і збанкі сёння наўрад ці неабходнасць) і ў той жа час да­зваляў бы развіцца юным творцам. Тут М.В.Калтыгін часта ідзе ад інтарэсаў дзяцей: назірае за тым, што ім цікава, і стараецца гэтае ўменне выкары­стаць. Мілана, напрыклад, любіць ляпіць коней. Ну і няхай! Галоўнае — развіць да дасканаласці яе анімалістычныя перавагі. Максім захапляецца танкамі? Яго запал таксама знайшоў прымяненне: абрысы танкаў вельмі дарэчы на сценах “Брэсцкай крэпасці”, якую дзеці калектыўна рыхтуюць на выставу “Легенды старых муроў”.

Яшчэ некалькі гадоў назад назіралася такая тэндэнцыя: навучэнцы вельмі любілі ляпіць мабільныя тэлефоны і камп’ютары. Прычым калі тэлефоны кнопкавыя — гэта адна тэма. А як адтачыць якія-небудзь навыкі, калі лепіш смартфон? Гэта ж проста роўны пласт гліны з адной кнопкай! У такім выпадку педагог просіць адштурхоўвацца ад выяў на экране — ляпіць у плоскасці кветкі, нейкія сюжэты, карцінкі, рэльефы.

“Усе гэтыя ўменні дзеці прымяняюць потым у сваіх грунтоўных калектыўных работах, на стварэнне якіх часта ідзе каля года. Прычым калі мы працуем над нейкім праектам, то максімум, чым я магу быць карысным, гэта дапамагчы прадумаць асноўную канцэпцыю. А ўсё астатняе дзеці робяць самі: шукаюць матэрыялы ў бібліятэках, у інтэрнэце, прыносяць кнігі, альбомы, прадумваюць, што з усяго здабытага можна выкарыстаць і як, абмяркоўваюць, што ім самім цікава. Затым малююць эскіз, ствараюць макет з пластыліну і толькі потым лепяць яго з гліны. Ні на адным з гэтых этапаў я ў працэс не ўмешваюся”, — гаворыць педагог.

А вось абпальванне дзіцячых вырабаў робіць толькі Максім Валер’евіч у невялікай печ­цы. Галоўная прычына — непрыемны пах, бо ў складзе шамотавай масы ёсць арганіка, якая і выгарае. Так выраб з чорнага становіцца светлым, амаль белым.

Дарэчы, даваць такі поўны тэхналагічны працэс — ад эскіза і макета да глінянага вырабу — у беларускіх дзіцячых цэнтрах творчасці, бадай, ніхто больш не бярэцца. “У скульптараў маляванне — традыцыйна слабае месца, бо на практыцы адна толькі лепка”, — тлумачыць сваю пазіцыю педагог.

Відавочна, такі падыход дае свой плён. Калектыў студыі (гэта 25 чалавек ва ўзросце ад 7 да 16 гадоў) паспяхова прымае актыўны ўдзел у конкурсах і выставах дэкаратыўна-прыкладной творчасці гарадскога і рэспубліканскага ўзроўню, атрымліваючы самыя высокія адзнакі. Некаторыя навучэнцы М.В.Калтыгіна — Павел Аўчароў, Ганна Літаш і іншыя. — право­дзілі персанальныя выставы. Амаль кожны год выхаванцы студыі становяцца прызёрамі Рэспубліканскага конкурсу “Добры дзень, свет!”, Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”. За 2018 год яны маюць 2-е месца ў намінацыі “Арт-аб’ект”.

Але сваіх навучэнцаў педагог з першых заняткаў запэўнівае, што арыентавацца на конкурсы і дыпломы не варта. Тут важны сам працэс, пошук, праца з матэрыя­лам.

“Калі і трэба аддаць работу на конкурс, то дастаткова яе не саромецца. А як ужо яна ацэніцца — справа дзясятая, тым больш што ўсё роўна дзейнічае неафіцыйны закон: твае работы, якімі б дасканалымі яны ні былі, не змогуць перамагаць у кожным конкурсе. Юных керамістаў у краіне шмат, і журы хоча падтрымаць як мага больш з іх”, — разважае Максім Валер’евіч.

Лепшыя работы ўвогуле не перашкодзіла б пакідаць у студыі як планку майстэрства для навічкоў, бо з конкурсаў гэтыя вырабы ўжо не вяртаюцца дадому. Работы педагога, якім даўно не хапае месца дома і якія Максім Валер’евіч пакідае ў студыі, у разлік не ідуць: яны занадта дасканалыя.

Так, сярод соцень дзіцячых работ, што ўпрыгожваюць студыю, — шахматы Ганны Літаш. Гэта частка яе праекта “Вясновы дэбют”, якую ўдалося вярнуць пасля перамогі на Рэспубліканскім конкурсе “Калядная зорка”. Усе 32 фігуры выкананы ў выглядзе свяцільняў, пустацелыя, з невялічкімі свечкамі ў сярэдзіне, каб зімовым вечарам можна было абысціся без электрычнасці. Ідэя ў дзяўчынкі была такая: замест войск чорных і белых на яе дошцы змагаліся Вясна і Зіма. Фігуры Вясны — з расліннымі матывамі, кветкамі, лісткамі, а войска Зімы — калючых марозных форм, накшталт ільдзінак.

Заварожвае таксама арыгінальная кампазіцыя “Сны старога горада”. Гісторыю Нараджэння Хрыстова расказваюць дзіцячыя малюнкі на манументальнай глінянай ёлцы, свае характары праяўляюць на паліцах парасяты, каты, сабакі, тут жа гатовы ўспырхнуць увысь чародкі птушак…

Сямейная справа

Значныя поспехі паказваюць і родныя дзеці Максіма Валер’евіча. Усе пяцёра займаюцца ў студыі, гучна заявілі пра сябе ў творчым асяроддзі і ўжо прымаюць удзел у пленэрах: лепяць, дапамагаюць глазура­ваць вырабы і г.д. Толькі старэйшы Павел, ня­гледзячы на тое, што ў яго добра атрымліваецца і нават была ўласная выстава ў Палацы дзяцей і моладзі, ад творчасці цяпер больш адыходзіць у бок спорту. Хаця ўсе дзеці М.В.Калтыгіна займаюцца рознымі відамі спорту: айкідо, хакей, футбол, гімнастыка, фігурнае катанне і інш.

Дзіўна, але Максім Валер’евіч знахо­дзіць час і для ўласнай творчасці. Праўда, нячаста, бо, акрамя заняткаў па кераміцы, ён кожны вечар яшчэ і трэнер па айкідо. Пасля ўсяго прыходзіш дадому стомлены, нават зляпіць некалькі свістулек з дзецьмі не заўсёды атрымліваецца. Ды і хатніх спраў у бацькі заўсёды шмат. Адзіная магчы­масць заняцца творчасцю — гэта прадум­ваць ідэі і летам на пару тыдняў еха ць да бацькі ўвасабляць іх. Некалькі грунтоўных работ М.В.Калтыгін прывозіць штогод з міжнародных пленэраў па кераміцы. Яны якраз і становяцца асновай яго персанальных выстаў на розных пляцоўках Мінска, каб тым самым чарговы раз падаць прыклад сваім выхаванцам і натхніць іх на новыя ідэі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.